Месцам жыхарства расіяне Алексікавы абралі Беларусь
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, праведзенага ў нашай краіне, на Маларытчыне пражывала 1205 чалавек рускіх па нацыянальнасці. За час, які прайшоў з моманту яго правядзення, гэтая лічба, безумоўна, змянілася ў бок павелічэння. Цяпер сябе маларытчанамі называюць і іншыя людзі, якія пераехалі з Расіі на пастаяннае месца жыхарства ў наш раён. У іх ліку – жонка і муж Ірына і Уладзімір Алексікавы.

Ірына Анатольеўна і Уладзімір Віктаравіч – рускія на нацыянальнасці. Яны, як і іх бацькі, нарадзіліся і жылі ў гарадскім пасёлку Ніжні Баскунчак Ахтубінскага раёна Астраханскай вобласці. Тут прайшло іх маленства, дзяцінства і юнацтва. Тут маладыя людзі пазнаёміліся і ўзялі шлюб. Ірына працавала стаматолагам у мясцовай паліклініцы, а Уладзімір – вадзіцелем кар’ернага самазвала «БелАЗ» на ЗАТ «Кнауф Гіпс Баскунчак». З Ніжнім Баскунчаком звязана ў кожнага з іх па 50 гадоў жыцця.
Затым Ірына і Уладзімір Алексікавы адважыліся на пераезд у Варонежскую вобласць. Хацелася быць бліжэй да сына Аляксея, калі той паступіў вучыцца ў адну з навучальных устаноў Варонежа.
Кожнае лета Алексікавы абавязкова ездзілі на адпачынак. Кожны раз выбіралі новае месца. Пабывалі ў многіх краінах былога СССР. У 2017 годзе вырашылі наведацца ў Беларусь. Выбар выпаў на санаторый «Прыазёрны», які размешчаны ў пешай даступнасці ад вядомага возера Нарач. Тут прыемна здзівіла не толькі ідэальнае спалучэнне сучаснай лячэбнай базы і разнастайнай інфраструктуры, але і даступныя цэны. Беларусь сямейную пару адразу зачаравала. Напэўна, тады ўпершыню ў іх і прамільгнула думка пераехаць на пастаяннаее месца жыхарства ў сінявокую краіну.
Ірына Анатольеўна расказвае, што неяк ёй на вочы трапіла рэклама санаторыя «Ружанскі», прадпрыемства, якое функцыянуе як SPA-курорт, класічны санаторый і курортна-рэабілітацыйны медыцынскі цэнтр з высокапрафесійным калектывам работнікаў. Адразу захацелася сюды паехаць адпачыць. Падчас знаходжання ў «Ружанскім» у жанчыны ўзмацнілася думка аб тым, каб пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Ёй і мужу імпанавала Брэсцкая вобласць. Чаму? Спрыяльны для здароўя клімат, шчырыя і прыветлівыя людзі, дагледжаныя населеныя пункты, прыгожыя мясцовыя краявіды, спакой на вуліцах у любы час сутак …
Трэці прыезд іх у Беларусь быў ў санаторый «Бярэсце». Ехалі не столькі для адпачынку, як для пошукаў далейшага месца жыхарства. За дапамогай звярнуліся ў адно з агенцтваў нерухомасці ў Брэсце. На выбар сямейнай пары было прапанавана некалькі варыянтаў дамоў, аднак яны Алексікавых не задаволілі.
Уладзімір Віктаравіч гаворыць, што яны з жонкай прыслухаліся да слоў сына, які параіў бацькам шукаць такі населены пункт (не абавязкова горад), каб у ім была развіта інфраструктура: працавалі гандлёвыя кропкі, пошта, аддзяленне банка, бібліятэка, мабільная сувязь, інтэрнэт, наладжана аўтобусная сувязь з райцэнтрам… Дом у аг. Олтуш сямейнай пары прапанавалі выпадкова. Аднак ён адразу спадабаўся.
– Першае ўражанне ад убачанага: тое, чаго так доўга шукалі, – кажа Ірына Анатольеўна. – Падкупала некалькі сотак дагледжанага прысядзібнага ўчастка, шыкоўны, па маіх меркаваннях, дом. Як бальзам на душу – насупраць, праз дарогу, дзіцячы сад. А за ваколіцай – поле і лес, непадалёку возера. Ціхі населены пункт. Чым не рай?
Іншых варыянтаў Алексікавы больш ужо не шукалі. Яны неўзабаве прадалі свой дом у Варонежскай вобласці і з 16 снежня 2021 сталі жыць у аг. Олтуш. Тут знайшлі тое, што шукалі: камфорт, утульнасць, спакой, уладкаванасць жыцця.
– Зрывацца з наседжанага месца заўсёды нялёгка і складана па—розных прычынах, – гаворыць Уладзімір Віктаравіч. – Не думалі мы з жонкай, што на скону веку апынемся ў такім цудоўным аграгарадку. Тут радуе вока ўсё на кожным кроку. Да таго ж і з суседзямі нам пашанцавала: уважлівыя, чулыя, спагадлівыя. Аднолькавая рэлігія, агульная гісторыя, блізкія мовы – усё гэта дало магчымасць адразу адчуць сябе не чужым на новым месцы. Ды і кліматычныя ўмовы тут больш прыдатныя для нас. Я б сказаў, больш мяккія, лагодныя, ашчадныя. І самае дзіўнае тое, што стан здароўя сапраўды палепшыўся.
Ірына Алексікава гаворыць, што, калі прыехалі ў наш райцэнтр, яе ўпершую чаргу здзівіў парадак паўсюль. Адчуваецца, што на Маларытчыне, як і ў цэлым у краіне, ёсць сапраўдны гаспадар. Куды ні кінь вокам – чысціня, добраўпарадкаванасць. Асабліва спадабаліся гарадская плошча, гасцініца «Юбілейная», раённая паліклініка, будынак вакзала, універсальны спартыўны комплекс «Жамчужына», а таксама тратуары на вуліцах горада.
Ірына Анатольеўна і Уладзімр Віктаравіч на новым месцы жыхарства не маглі доўга сядзець без справы. Ім хацелася аддзячыць мясцовым жыхарам за ласку, спагаду, добразычлівасць, гасціннасць. Ірына Анатольеўна, як вопытны спецыяліст з 40-гадовым стажам, цяпер працуе зубным фельчарам стаматалагічнага кабінета Олтушскай амбулаторыі агульнай практыкі, а Уладзімір Віктаравіч – вадзіцелем аўтамабіля Олтушскай бальніцы сястрынскага догляду.
– Ці не шкадуеце аб тым, што пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў аг. Олтуш? – цікаўлюся ў сямейнай пары.
– У аграгарадку жывём па-гарадскому, – усміхаючыся, гаворыць за сябе і мужа Ірына Анатольеўна. – Мы многае пабачылі і перажылі. Шкадуем толькі аб тым, што не пераехалі жыць на Маларытчыну крыху раней. Тут райскі куточак. Хочацца проста жыць і радавацца кожнаму наступнаму дню, для задавальнення працаваць на прысядзібным участку, хадзіць у грыбы, на любімую работу, сустракацца з людзьмі на вуліцы, дзяліцца з імі няхай маленькімі, але сваімі радасцямі жыцця.. Тут, у Олтушы, адзначым і свой юбілей: 40-годдзе сумеснага шлюбнага жыцця. Безумоўна, будуць не толькі родныя, але і калегі, вяскоўцы. Па шчырасці: ганарымся, што цяпер мы – маларытчане!
Мікалай НАВУМЧЫК
Фота аўтара